СТАТУ́ТЫ ВО́ІНСКІЯ,

афіцыйныя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгламентуюць паўсядзённую дзейнасць ваеннаслужачых ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. С.в. вызначаюць дысцыплінарныя правы і абавязкі, жыццё і быт, нясенне службы і падрыхтоўку асабовага складу, а таксама асновы баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей і злучэнняў.

Спроба кадыфікаваць вайск. права на Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Артыкулы вайсковыя, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст., былі першымі баявымі і дысцыплінарнымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У 1754 паводле распараджэння Радзівіла ў Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі. У Расіі С.в. з’явіліся ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст., у 18 — пач. 20 ст. выдаваліся неаднаразова. С.в. для Чырв. Арміі выдадзены ў 1918—19. Са з’яўленнем новых відаў зброі, структурных змен у арганізацыі войска, здабытага баявога вопыту С.в. неаднаразова перапрацоўваліся. С.в., якія былі прыняты ў 1975 ва Узбр. Сілах СССР, у некат. краінах СНД, у т. л. Беларусі, дзейнічалі да сярэдзіны 1990-х г.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. падзяляюцца на баявыя (вызначаюць асновы падрыхтоўкі і вядзення баявых дзеянняў злучэнняў, часцей і падраздзяленняў відаў узбр. сіл і родаў войск, а таксама кіраванне імі; уводзяцца ў дзеянне загадам міністра абароны) і агульнавоінскія, да якіх адносяцца Статут унутранай службы, Статут дысцыплінарны, Статут гарнізоннай і каравульнай службаў. Агульнавоінскія статуты (за выключэннем Страявога статута) зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Іх нормы пашыраюцца і на ваеннаслужачых унутр. войск МУС, пагран. войск і інш. воінскіх фарміраванняў, а таксама на ваеннаабавязаных, якія прызваны на зборы.

С.​М.​Абрамаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)